Беларускі кампутарны слоўнік
Нататкі перакладчыкамRSS

Праблема фарміравання тэрміналагічных банкаў даных па розных галінах ведаў Праблема фарміравання тэрміналагічных банкаў даных па розных галінах ведаў

В.К. Шчэрбін

Заўважана, што карэнныя сацыяльна-палітычныя змены ў жыцці грамадства нязменна цягнуць за сабой рэзкае пашырэнне лексічных норм нацыянальнай мовы, у тым ліку і норм тэрмінаўжывання. Абумоўлена гэта ўвядзеннем у навуковы абарот значнай колькасці новых паняццяў, для абазначэння якіх выкарыстоўваюцца тэрміналагічныя неалагізмы, запазычаныя тэрміны, словы нетэрміналагічнага паходжання (агульнаўжывальныя словы, дыялектызмы, гістарызмы, архаізмы) і іншыя недастаткова ўнармаваныя лексічныя адзінкі. У сувязі з адзначанымі стыхійнымі працэсамі абнаўлення сучаснай навуковай тэрміналогіі і норм яе ўжывання перад складальнікамі тэрміналагічных слоўнікаў сёння паўстаюць наступныя цяжкавырашальныя праблемы:

  1. якое слоўнае найменне лічыць нарматыўным пры абазначэнні таго або іншага найноўшага навуковага паняцця?
  2. якой метадалагічнай пазіцыі прытрымлівацца пры вырашэнні спрэчных пытанняў тэрмінаграфічнай практыкі?
  3. пры адборы беларускіх адпаведнікаў для перадачы запазычанага навуковага паняцця пажадана арыентавацца на моўна-пурыстычныя тэндэнцыі ў айчыннай тэрмінаграфіі ці на універсальныя асаблівасці міжнароднай практыкі тэрмінаўтварэння?

Як паказвае аналіз зместу тэрміналагічных слоўнікаў, што выйшлі з друку на Беларусі ў апошнія гады, адзначаныя праблемы вырашаюцца складальнікамі гэтых слоўнікаў па-рознаму. Вынікам жа гэтага стаў даволі значны разнабой у існуючых тэрміналагічных слоўніках, калі адны і тыя ж навуковыя паняцці нярэдка абазначаюцца пры дапамозе даволі розных лексічных адзінак. Прычым гэта назіраецца нават у адносінах да такіх даўно існуючых і добра ўпарадкаваных тэрмінасістэм, як матэматычная тэрміналогія і да яе падобныя. Для больш нагляднага паказу шматлікіх разыходжанняў пры перакладзе рускіх матэматычных тэрмінаў на беларускую мову, выяўленых на матэрыяле некалькіх спецыяльных перакладных слоўнікаў, яны падаюцца ў наступнай табліцы:

Рускі тэрмін Беларускія тэрміны
а) б) в)
1. вращение кручэнне, вярчэнне аварот вярчэнне
2. выборочный выбарачны выбарковы выбаркавы
3. вычитаемое аднімаемае адымнік аднімнік
4. разбиение разбіванне падзел разбіўка
5. данные даныя звесткі дадзеныя

дзе

  • а) Русско-белорусский словарь. 5-е изд. В 3-х т. Мн., 1994;
  • б) Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ. Мн., 1993;
  • в) Русско-белорусский математический словарь. Мн., 1993.

Зразумела, што падобны тэрміналагічны разнабой не спрыяе выпрацоўцы агульных норм беларускага матэматычнага тэрмінаўжывання. А без такіх агульных норм тэрмінаўжывання спецыялістам дадзенай галіны ведаў дасягнуць поўнага ўзаемаразумення будзе вельмі цяжка.

На наш погляд, выйсце з гэтай тупіковай сітуацыі, калі адна група беларускіх тэрмінографаў сёння свядома арыентуецца ў сваёй дзейнасці на нормы тэрмінаўжывання, зафіксаваныя ў сучасных акадэмічных слоўніках, а другая група тэрмінографаў наадварот, імкнецца як мага паўней скарыстаць тэрміналагічную спадчыну 20-30-х гг., гэта выйсце трэба шукаць на шляху фарміравання тэрміналагічных банкаў даных па розных галінах ведаў На карысць такой думкі можна прывесці наступныя аргументы:

  1. ніводная з адзначаных вышэй крыніц (акадэмічныя нарматыўныя слоўнікі і тэрміналагічныя слоўнікі-праекты 20-30-х гг.) паасобку не ахоплівае ўсяго тэрміналагічнага матэрыялу, назапашанага беларускай навукай за апошняе стагоддзе. Між тым, як слушна заўважыў на гэты конт М.Лобан, "правільныя вывады могуць будавацца толькі на вычарпальна поўным матэрыяле" [1]. Дамагчыся падобнай паўнаты прадстаўлення самага разнастайнага (нарміраванага і неўнармаванага) тэрміналагічнага матэрыялу можна толькі ў межах галіновага банка даных на машынных носьбітах, само выкарыстанне якіх дазваляе звесці разам спецыяльную лексіку (як беларускую, так і іншамоўную) з усіх існуючых тэрміналагічных слоўнікаў дадзенай галіны ведаў;
  2. уключэнне ў такі банк  даных даволі розных тэрміналагічных найменняў аднаго і таго ж навуковага паняцця дасць тэрмінографам магчымасць іх параўнальнага навуковага аналізу і выбару найлепшага варыянта з далейшым зацвярджэннем яго ў якасці нормы;
  3. наяўнасць у такім банку даных шматлікіх іншамоўных эквівалентаў да беларускіх тэрмінаў дазволіць весці уніфікацыю айчыннай тэрміналогіі з улікам сусветнай тэрмінаграфічнай практыкі і ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных тэрміналагічных стандартаў;
  4. перавод сучаснай паліграфіі на машынныя носьбіты дае беларускім тэрмінографам магчымасць браць з выдавецтваў гатовыя камп'ютэрныя макеты манаграфій, зборнікаў навуковых артыкулаў і нават спецыяльных даведнікаў і пры дапамозе ўжо існуючых камп'ютэрных праграм хутка ператвараць гэтыя машыначытаемыя макеты ў адпаведны тэрміналагічны банк даных.

Галоўную жа перавагу тэрміналагічнага банка даных перад традыцыйным тэрміналагічным слоўнікам складае яго дынамічны характар. (Параўн.: "Дынамічнасць з'яўляецца важнейшай уласцівасцю тэрміналагічнага банка даных, якая адрознівае яго ад статычных (і па структуры, і па зместу) традыцыйных слоўніка ў. У той час як унясенне змен і дапаўненняў у апошнія магчыма толькі пры чарговым выданні (раз у 10-15 год), карэкцыя тэрміналагічнага банка даных дапушчальная ў любы момант" [2]. Менавіта адзначанымі перавагамі тэрміналагічных банкаў даных тлумачыцца іх усё больш шырокае выкарыстанне ў сучаснай тэрмінаграфічнай практыцы. Выпрацавана нават тыповая структура тэрміналагічнага банка даных (ТБД): "Асноўнымі кампанентамі любога ТБД з'яўляюцца:

  1. тэрміналагічная база даных у машыначытаемай форме як сукупнасць тэрмінаў адной ці некалькіх прадметных абласцей (адной ці некалькіх моў) з адлюстраваннем адносін паміж тэрмінамі;
  2. комплекс праграмных сродкаў што забяспечваюць фарміраванне базы даных, доступ да даных і іх апрацоўку ў розных мэтах. I, канешне ж, ТБД не ўяўляецца без адпаведнага комплексу тэхнічных сродкаў і абслугоўваючага персаналу спецыялістаў-інжынераў, праграмістаў, лінгвістаў тэрмінолагаў і г.д." [3].

Да таго ж часу, пакуль такія тэрміналагічныя банкі даных па розных галінах ведаў не будуць створаны і ўсе спрэчныя пытанні адносна нарматыўнасці/ ненарматыўнасці таго або іншага тэрміна не будуць вырашаны з дапамогай такіх банкаў даных па-сапраўднаму навуковым шляхам, неабходна, каб пазбегнуць тэрміналагічнага разнабою ў спецыяльных даведніках, прытрымлівацца наступных правіл:

  1. не ўжываць без пільнай патрэбы штучных тэрміналагічных наватвораў (ліхань замест радыю, друкарка замест прынтэра і да т.п.);
  2. адзначаць кожны прапануемы ў слоўніку новы тэрмін адпаведнай абмежавальнай паметай "неал." (неалагізм);
  3. друкаваць тэрміналагічныя слоўнікі, у якіх падаецца значная колькасць такіх неалагізмаў-наватвораў, пад шыльдай "Праект" (як, дарэчы, гэта і рабілася ў беларускай тэрмінаграфіі 20-30-х гг.).

  1. 1^. Лобан М. Пяць раніц тыдня: Эсэ, асацыяцыі, артыкулы. Мн., 1984. С 67.
  2. 2^. Гл.: § 6. Терминологические банки данных //Использование ЭВМ в лингвистических исследованиях. Киев, 1990. С. 205.
  3. 3^. Тамсама. С. 199.

Тэарэтычныя праблемы беларускай лексікаграфіі, Мінск, "Беларускі кнігазбор" 1996

2008-03-29 20:56

Паказаць архіваваныя нататкі

Артыкулаў у слоўніку: 1852



0 карыстачоў на сайце
0 гасцей і 0 зарэгістраваных

Пятнаццаць апошніх артыкулаў RSS

  1. password (2008-11-19 10:46)
  2. thumbnail (2008-10-10 03:12)
  3. filetype (2008-10-06 07:48)
  4. project (2008-10-06 07:46)
  5. regex (2008-10-06 07:43)
  6. contributor (2008-10-06 07:39)
  7. basename (2008-10-06 07:30)
  8. sans serif (2008-10-06 07:28)
  9. multitasking (2008-09-06 19:41)
  10. nickname (2008-09-06 19:40)
  11. preset (2008-07-08 20:25)
  12. resolution (2008-06-19 07:30)
  13. gameplay (2008-06-17 20:24)
  14. search engine (2008-06-16 20:09)
  15. submit (2008-06-16 19:50)