В.К. Шчэрбін
Заўважана, што карэнныя сацыяльна-палітычныя змены ў жыцці грамадства нязменна цягнуць за сабой рэзкае пашырэнне лексічных норм нацыянальнай мовы, у тым ліку і норм тэрмінаўжывання. Абумоўлена гэта ўвядзеннем у навуковы абарот значнай колькасці новых паняццяў, для абазначэння якіх выкарыстоўваюцца тэрміналагічныя неалагізмы, запазычаныя тэрміны, словы нетэрміналагічнага паходжання (агульнаўжывальныя словы, дыялектызмы, гістарызмы, архаізмы) і іншыя недастаткова ўнармаваныя лексічныя адзінкі. У сувязі з адзначанымі стыхійнымі працэсамі абнаўлення сучаснай навуковай тэрміналогіі і норм яе ўжывання перад складальнікамі тэрміналагічных слоўнікаў сёння паўстаюць наступныя цяжкавырашальныя праблемы:
Як паказвае аналіз зместу тэрміналагічных слоўнікаў, што выйшлі з друку на Беларусі ў апошнія гады, адзначаныя праблемы вырашаюцца складальнікамі гэтых слоўнікаў па-рознаму. Вынікам жа гэтага стаў даволі значны разнабой у існуючых тэрміналагічных слоўніках, калі адны і тыя ж навуковыя паняцці нярэдка абазначаюцца пры дапамозе даволі розных лексічных адзінак. Прычым гэта назіраецца нават у адносінах да такіх даўно існуючых і добра ўпарадкаваных тэрмінасістэм, як матэматычная тэрміналогія і да яе падобныя. Для больш нагляднага паказу шматлікіх разыходжанняў пры перакладзе рускіх матэматычных тэрмінаў на беларускую мову, выяўленых на матэрыяле некалькіх спецыяльных перакладных слоўнікаў, яны падаюцца ў наступнай табліцы:
| № | Рускі тэрмін | Беларускія тэрміны | ||
| а) | б) | в) | ||
| 1. | вращение | кручэнне, вярчэнне | аварот | вярчэнне |
| 2. | выборочный | выбарачны | выбарковы | выбаркавы |
| 3. | вычитаемое | аднімаемае | адымнік | аднімнік |
| 4. | разбиение | разбіванне | падзел | разбіўка |
| 5. | данные | даныя | звесткі | дадзеныя |
дзе
Зразумела, што падобны тэрміналагічны разнабой не спрыяе выпрацоўцы агульных норм беларускага матэматычнага тэрмінаўжывання. А без такіх агульных норм тэрмінаўжывання спецыялістам дадзенай галіны ведаў дасягнуць поўнага ўзаемаразумення будзе вельмі цяжка.
На наш погляд, выйсце з гэтай тупіковай сітуацыі, калі адна група беларускіх тэрмінографаў сёння свядома арыентуецца ў сваёй дзейнасці на нормы тэрмінаўжывання, зафіксаваныя ў сучасных акадэмічных слоўніках, а другая група тэрмінографаў наадварот, імкнецца як мага паўней скарыстаць тэрміналагічную спадчыну 20-30-х гг., гэта выйсце трэба шукаць на шляху фарміравання тэрміналагічных банкаў даных па розных галінах ведаў На карысць такой думкі можна прывесці наступныя аргументы:
Галоўную жа перавагу тэрміналагічнага банка даных перад традыцыйным тэрміналагічным слоўнікам складае яго дынамічны характар. (Параўн.: "Дынамічнасць з'яўляецца важнейшай уласцівасцю тэрміналагічнага банка даных, якая адрознівае яго ад статычных (і па структуры, і па зместу) традыцыйных слоўніка ў. У той час як унясенне змен і дапаўненняў у апошнія магчыма толькі пры чарговым выданні (раз у 10-15 год), карэкцыя тэрміналагічнага банка даных дапушчальная ў любы момант" [2]. Менавіта адзначанымі перавагамі тэрміналагічных банкаў даных тлумачыцца іх усё больш шырокае выкарыстанне ў сучаснай тэрмінаграфічнай практыцы. Выпрацавана нават тыповая структура тэрміналагічнага банка даных (ТБД): "Асноўнымі кампанентамі любога ТБД з'яўляюцца:
Да таго ж часу, пакуль такія тэрміналагічныя банкі даных па розных галінах ведаў не будуць створаны і ўсе спрэчныя пытанні адносна нарматыўнасці/ ненарматыўнасці таго або іншага тэрміна не будуць вырашаны з дапамогай такіх банкаў даных па-сапраўднаму навуковым шляхам, неабходна, каб пазбегнуць тэрміналагічнага разнабою ў спецыяльных даведніках, прытрымлівацца наступных правіл:
Тэарэтычныя праблемы беларускай лексікаграфіі, Мінск, "Беларускі кнігазбор" 1996
П.У. Сцяцко
<…> Народны паэт Беларусі, акадэмік Максім Танк у 1993 годзе пісаў: «Зараз наша мова, якая доўгі час была і ў загоне і ў прыгоне, патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыі і ачышчэння ад розных непатрэбных запазычанасцяў». А яшчэ раней, у 1977 годзе, ён занатаваў: «Узяўся гартаць слоўнікі, бясконцая і бяздумная запазычанасць чужых слоў, як у нас, не можа не пагражаць дэградацыяй самой мове».
Тэрміналагічныя даведнікі суверэннай Беларусі зарыентаваныя на захаванне законаў беларускай мовы ў галіне словаўтварэння і формаўтварэння, лексічнай сістэмнасці, фанетычна-арфаграфічнай спарадкаванасці і адмаўленне ад бяздумнага пазычання і празмернага калькавання з іншых моваў.
Аўтары матэматычных тэрміналагічных даведнікаў — «Русско-белорусского математического словаря» пад рэдакцыяй доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Я. Радыны (Мн.: Выш. школа, 1993. — 239 с.) і «Тэрміналагічнага слоўніка па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 183 с.) не падаюць «русізмаў і словаў, утвораных паводле чужых у беларускай мове мадэляў (прэдзел, прадстаўленне, убываць), слоў з суфіксамі -ір-, -ем-, -уч-, -юч-».
На месцы ўтварэнняў былога ўсесаюзнага ўзору з суфіксамі -ірава- (ырава-) даведнікі фіксуюць лексемы з фармантам -ава-ць-. дыферэнцаваць, праграмаваць, квадраваць і пад.
Замест неўласцівых беларускай мове дэрывацыйных структураў з суфіксамі дзеепрыметнікаў цяперашнага часу -ем-, -ім-, -уч-(-юч-) у тэрміналагічных даведніках выкарыс-тоўваюцца аддзеяслоўныя прыметнікі з суфіксамі -льн-, -к-: нарастальная, інтэгравальная функцыя, нармоўны, інтэгроўны множнік…
Гэтыя прынцыпы знайшлі свой адбітак і ў іншых нацыянальных тэрміналагічных даведніках, да прыкладу, у «Руска-беларускім фізічным слоўніку» (Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 302 с, аўтары У. Самайлюковіч, У. Пазняк, А. Сабалеўскі), а таксама ў пазнейшым па часу выдання «Расейска-беларускім вайскавым слоўніку» С. Судніка і С. Чыслава (Мн.: Белфранс, 1997.— 250 с.). Функцыю штучнакалькаваных аддзеяслоўных структураў на -учы (-ючы), -емы, -імы выконваюць тут адназоўнікавыя прыметнікі з суфіксамі -н- і -ов-: кампенсацыйны (замест кампенсуючы), нейтралізацыйны (нейтралізуючы), абстрэльны (абстрэльваемы) і пад. Апроч таго, ролю неўласцівых нацыянальнай беларускай мове дзеепрыметнікавых структураў з суфіксамі -ем-, -ім- бяруць на сябе конфіксавыя адназоўнікавыя дэрываты з фармантам пад- + -н-: падканвойны (рас. конвоируемый), падахоўны (охраняемый), падабаронны (обороняемый). Такія … тэрмінаэлементы могуць утварацца і ад асновы дзеяслова, пры гэтым -н-далучаецца да скарочанае асновы (у інфінітыве адымаецца фіналь -ава-, або -а-), а вытворны суфікс -льн- да поўнае асновы інфінітыва: інструктаваць — падінструктоўны(рас. инструктируемый), ізаляваць — падызаляваны (изолируемый), вымяраць — падвымяральны (измеряемый).
Функцыю субстантываваных дзеепрыметнікаў на -учы (-ючы) са значэннем суб'екта дзеяння нярэдка выконваюць назоўнікі з суфіксамі -ец, -енец, -овец: абаронец (рас. обороняющий), атаковец (атакующий), наступовец (наступающий), а таксама аддзеяслоўныя назоўнікі з суфіксамі -нік, -льнік: разводнік (рас. разводящий), абстрэльвальнік (обстреливающий)…
Эквівалентамі дзеепрыметнікавых утварэнняў могуць быць і базавыя назоўнікі, ад якіх утварыліся адпаведныя дзеясловы, а ад іх — дзеепрыметнікі: інспектар (рас. испектирующий), інструктар (инструктирующий) ды іншыя.
Адмысловую натуральную ў беларускай мове дэрывацыйную структуру маюць і тэрмінаэлементы з лічэбнікавым коранем кшталту двайковы, трайковы, дзесяткавы. < …> Раней тут акадэмічныя слоўнікі фіксавалі пазычанні з усесаюзнага арсеналу: трацічны, семярычны ды іншыя. Праўда, адно слова гэтага дэрывацыйнага тыпу ўсё ж падавалася: дзесяткавы (дзесяткавыя дробы — десятичные дроби). Тэрміналагічныя нацыянальныя даведнікі адмовіліся ад пазычанняў-ад'ектываў грувасткай структуры, якія маюць «доўгія» суфіксаваныя фарманты, неўласцівыя беларускай мове (нярэдка са збегам галосных, які парушае закон гармоніі гукаў) кшталту бінаміяльны, тэкстуальны. У слоўніках падаюцца тэрмінаэлементы-ад'ектывы выразнай структуры з суфіксамі -н-; -ав-: біномны (ад біном), тэкставы, эмацыйны, экватарны.
На месцы штучных у беларускай мове ад'ектываў на -тыўны (і вытворных ад іх), матываваных назоўнікамі на -цыя, наш сучасны друк, «Беларуская энцыклапедыя» (18-тамовая) ужо падаюць натуральныя структуры з суфіксам -н-,вытворныя ад матывавальных субстантываў з фіналлю -цыя. Так, у першым томе БелЭн (Мн., 1996) у артыкуле В. Шчэрбіна «Адваротны слоўнік» (с. 99) чытаем: «… прадукцыйнасць словаўтваральнага тыпу». У артыкуле «Аспіда» (с. 435) бачым: «Аспіда, абсіда, канструкцыйна самастойная частка культавага збудавання, выступ будынка». У кнізе Т. Капыловай «Матэматычная логіка» (Гродна, 1997, с. 5): «Мы карыстаемся інтуіцыйным паняццем мноства…». У аўтарэфератах дысертацыйных працаў таксама цяпер сустракаем: «Намінацыйная функцыя мовы» і пад. Раней на месцы гэтых натуральных формаў выкарыстоўваліся штучныя пазычанні на -тыўны (прадуктыўнасць словаўтваральнага тыпу, канструктыўная частка, інтуітыўная функцыя мовы).
Тэрміналагічныя даведнікі 90-х гадоў сталі аддаваць перавагу натуральным ад'ектыўным дэрыватам з суфіксамі -ав-, -ават-, -н-, -аст-, -іст-, -am- на месцы ранейшых з суфіксам -(ч)ат-. Так, у «Руска-беларускім слоўніку сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (Мн., 1994) бачым: баразнаваты (бороздчатый), булавасцябловы (булавостебельчатый), пласціністыя грыбы (пластинчатые), рассыпісты (рассыпчатый), трубчасты ітрубкаваты (трубчатый)…
Згаданы сельскагаспадарчы слоўнік зусім справядліва аддае перавагу аддзеяслоўным назоўнікам на -нне, -іва на месцы ранейшых усесаюзнага ўзору на -ка: вакуум-сушэнне (рас. сушка), прыбіранне (уборка), поліва (полка), а таксама: аскубанне, апарванне, сартаванне, падкормліванне…
Новыя тэрміналагічныя слоўнікі пазбаўляюцца і ад штучных у беларускай мове ўтварэнняў на -цель. Іх месца займаюць структуры з прадукцыйнымі ў беларускай мове суфіксамі -нік, -льнік, -ач. Так, у сельскагаспадарчым слоўніку фіксуюцца наступныя натуральныя беларускія тэрміналагічныя адзінкі: паглыбнік (рас. углубитель), улоўнік (уловитель), ушчыльнік (уплотнитель), вузлавязальнік, засцерагальнік, прасявальнік, прэсцюкавальнік, штурхач (толкатель). Калі тэрмінам выступае складанае слова, то яго другая частка мае тут нулявы суфікс: капаклад (копнитель), вузлавяз (і вузлавязальнік)і пад.
У беларускай мове галіна ведаў, дзейнасці чалавека абазначаецца тэрмінам — складаным словам з другою часткаю -знаўства ці -гадоўля: глебазнаўства, лесазнаўства, прыродазнаўства; жывёлагадоўля, авечкагадоўля… Ад гэтых словаў утвараюцца і назвы спецыялістаў, а таксама прыметнікавыя тэрмінаэлементы, што і падае згаданы слоўнік: жывёлагадовец, лесазнаўства, жывёлагадоўчы, лесазнаўчы…
Аднак падчас бітвы за «зліццё моваў» слоўнікі сталі пагарджаць адмысловымі беларускімі структурамі на карысць усесаюзных стандартаў з фінальнымі часткамі -вед, -вод. Так, з'явіліся на старонках слоўнікаў мовавед, прававед, трусавод і пад. Аднак яны пярэчаць сістэмнасці тэрміналогіі: ад іх не ўтвараюцца вытворныя кампаненты, дый самыя яны не маюць у беларускай мове словаўтваральнай базы. Так, мовавед — калькаванне языковед (паўкалька) на месцы заканамернага мовазнавец не мае роднасных кампанентаў, а ў мовазнаўца яны ёсць: мовазнаўства і мовазнаўчы. Штучнасць моваведа ў тым, што няма ў беларускай мове назвы навукі моваведства, ад чаго магло б утварыцца мовавед — спецыяліст у галіне «моваведства», і не бытуе ў нашай літаратурнай мове прыметнік моваведчы як утварэнне ад «моваведства». На жаль, гэтакую недарэчнасць, блытаніну ўсё яшчэ бачым на старонках акадэмічных і галіновых слоўнікаў, напрыклад, слоўнікі падаюць натуральныя словы: «Кролиководство зоол. трусагадоўля, кролиководческий — трусагадоўчы»; і раптам невядома чаму: «Кроликовод зоол. трусавод». Дык адкуль узяўся тэты «цуд» трусавод на месцы натуральнага, сістэмавага трусагадовец — спецыяліст у галіне трусагадоўлі. Мо хіба гэты трусавод на павадку водзіць трусоў на пашу? Гэтую бязглуздзіцу падае і згаданы «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі». Акадэмічныя перакладныя слоўнікі фіксуюць тут два словы: «Кроликовод — трусавод, трусагадовец» (РБС-82; РБС-93, т. 3, с. 689). Як відаць, тут падаецца трусавод як дублёр сістэмавага трусагадовец, а ў тэрміналагічным слоўніку застаўся толькі штучны дублёр, а натуральнае ўтварэнне ўжо знікла.
Такое парушэнне сістэмнасці тэрмінаадзінак бачым у сельскагаспадарчым слоўніку і пры ўтварэнні назоўнікаў — найменняў асобы ад дзеясловаў іншамоўнага паходжання. Так, побач з пазычаным словам брыкет падаецца вытворны дзеяслоў брыкетаваць і ўтвораны ад яго назоўнік брыкетаванне. А вось замест натуральнага ў гэтай мікрасістэме агенса брыкетавальнік — утварэння з суфіксам -льнік ад брыкетаваць цібрыкетаваннік — дэрывата ад брыкетаванне (з суфіксам -нік, які накладаецца на фінальны «н» утваральнай асновы) слоўнік падае брыкетыроўшчык, якое стасуецца з няісным у беларускай мове «брыкетыраваць».
Перспектывы развіцця і функцыянавання нарматыўнай лексікі: Артыкулы і матэрыялы міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі 22—23 мая 1998 г., г. Гомель / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. С. 5—10.
Слоўнік трошкі змяніў адрас. Шчыры дзякуй Беларускаму моладзеваму руху Амерыкі за тэхнічную падтрымку!
Калі вы змяшчалі наш гузік на сваім сайце — не забудзьцеся змяніць код. Проста выдаліце з яго «.belarushosting» або глядзіце крынічнік гэтай старонкі.
Г.А. Цыхун
<...> Робіцца зразумелай эўрыстычная вартасць тэрміналогіі, што грунтуецца на сваіх моўных рэсурсах, бо гэта адкрывае новыя магчымасці і падыходы ў пазнанні ісціны. Зразумела, што гэтым не выключаюцца магчымасці засвойваць і карыстацца чужой тэрміналогіяй, але як дадатковым, а не асноўным сродкам у працэсе пазнання. Аснова тэрміналогіі павінна грунтавацца на сваей, а не на чужой мове, бо толькі яна дазваляе глядзець на свет сваімі вачыма, а значыць, і бачыць тое, што іншыя не заўважаюць ці не бачаць з іншага боку. Такім чынам, з пункту погляду моўнай экалогіі, неабходнасць развіцця нацыянальнай тэрміналогіі з'яўляецца бясспрэчнай.
3 гэтых агульнатэарэтычных меркаванняў вынікаюць некаторыя канкрэтныя задачы, што паўстаюць пры распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі. Тэзісна спынімся на іх.
<...> I ў першую чаргу па той прычыне, што ў 20 — 30-я гады ў Беларусі былі закладзены асновы нацыянальняй навуковай тэрміналогіі з апорай на ўласныя моўныя рэсурсы. <...> Трэба ўлічваць таксама вопыт 60—70-х гадоў, калі антыпурыстычна-русіфікацыйная плынь у некаторых тэрміналагічных падсістэмах была спынена і з'явіліся першыя парасткі натуральнай тэрмінатворчасці (успомнім тую ж свідравіну замест нафтавай шчыліны, радовішча замест скалькаванага месцанараджэння, абслуговы персанал замест няўклюднага абслугоўваючага і г. д.).
Гэтая задача ставілася як адна з найважнейшых у 30-я гады і ў значнай ступені паўплывала на фарміраванне навуковай тэрміналогіі. Дастаткова звярнуцца хаця б да«Расійска-беларускага слоўніка» С. Некрашэвіча і М. Байкова 1928 г., які прапанаваў шэраг народных варыянтаў, што мелі ўсе падставы замацавацца замест штучных неалагізмаў, русізмаў ці інтэрнацыяналізмаў у якасці тэрмінаў. Варта ўспомніць таксама т.зв. слоўнік Б. Эпімаха-Шыпілы, які ўяўляў сабой выпіскі з мільённай картатэкі жывой беларускай мовы, што захоўвалася ў Інстытуце мовазнаўства Беларускай акадэміі навук, і ставіў на мэце выявіць арыгінальныя беларускія адпаведнікі для некаторых іншамоўных тэрмінаў. На жаль, гэтая важная справа па вядомых прычынах не знайшла працягу. Звычайна гэты шлях папаўнення навуковай тэрміналогіі для большасці моў ужо не актуальны, але для беларускай тэрміналогіі ў сувязі з яе спецыфічным шляхам развіцця і народнай асновай літаратурнай мовы яшчэ не вычарпаў сябе. <...>
У той час, калі агульныя тэрміналагічныя сістэмы (матэматычная, хімічная, біялагічная і г. д.) ужо ў той або іншай ступені распрацаваны, больш вузкія падсістэмы ў многіх выпадках маюць значныя лакуны. Між тым сучасная вузкая спецыялізацыя навукі, вытворчасці, духоўнага жыцця патрабуе якраз выкарыстання сістэмы спецыфічных для пэўнай абмежаванай сферы тэрмінаў. <...> Трэба пераходзіць ад тэрміналагічных макрасістэм да спецыялізаваных мікрасістэм...
На першым этапе тэрмінатворчасці звычайна пераважае «прыдумванне» больш або менш удалых сваіх адпаведнікаў для тэрмінаў чужых сістэм. Пры гэтым прымаюцца пад увагу ў першую чаргу т.зв. парадыгматычныя характарыстыкі тэрміна, г. зн. найбольш абагульненыя значэнні. Між тым лексіколагам добра вядома, што такой жа неабходнай для раскрыцця значэння слова з'яўляецца і сінтагматычная характарыстыка, што выяўляецца як сума кантэкстаў, у якіх можа сустракацца дадзенае слова. Таму для стварэння поўных тэрміналагічных слоўнікаў існуе пільная патрэба максімальна поўнага ўліку ўсіх кантэкстаў ужывання таго або іншага тэрміна, г. зн. стварэння своеасаблівых канкардансаў па пэўных галінах навукі. Вядома, што стварэнне такіх канкардансаў магчыма толькі на камп'ютарнай базе, бо па некаторых напрамках прыйдзецца мець справу са значнымі масівамі тэкстаў. Але гэтая справа неабходная, бо толькі такая аснова стварае ўмовы для сапраўды навуковай тэрміналагічнай працы. Без гэтага мы застанемся на аматарскім узроўні, калі кожны новы складальнік слоўніка або аўтар ці перакладчык спецыяльнага тэксту стварае безліч эфемерных тэрмінаў.
Так робіцца ва ўсім свеце, гэта адзіны цывілізаваны шлях уладкавання тэрміналогіі. А для стымуляцыі такой зацікаўленай гаворкі мэтазгодна друкаваць не толькі вялі-кія слоўнікі, але і невялікія падборкі тэрмінаў па той або іншай вузкай спецыяльнасці ва ўсіх магчымых выданнях. Пры гэтым трэба прыняць за сістэму падаваць па некалькі варыянтаў тэрмінаў, ставячы на першае месца той, які, на думку аўтара, мае перавагу.
Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі: Матэрыялы Першай нацыянальнай канферэнцыі. Мн., 1995. С. 17—19.
В.К. Шчэрбін
<...> На наш погляд, зменшыць негатыўныя вынікі тэрмінатворчай дзейнасці спецыялістаў нефілалагічнага профілю ў цяперашні час можна толькі ў тым выпадку, калі мовазнаўцы-тэрмінолагі аператыўна азнаёмяць шырокую навуковую грамадскасць з метадалагічнымі прынцыпамі тэрміналагічнай і тэрмінаграфічнай работы, асноўнымі этапамі тэрмінатворчай дзейнасці, гісторыяй беларускай тэрміналогіі і інш.
Пры гэтым навуковае асвятленне пералічаных вышэй пытанняў павінна цесна ўвязвацца з аналізам сучаснага стану тэрмінатворчай работы ў рэспубліцы. Неабходна, па-першае, «паслядоўна размяжоўваць працэс натуральнага складвання тэрміналагічнай лексікі і ўласна тэрміналагічную работу па ўпарадкаванні тэрміналогіі»1, па-другое, адрозніваць сферу функцыяніравання тэрміналагічнай лексікі (у разнастайных навуковых тэкстах) і сферу фіксацыі спецыяльнай лексікі (у тэрміналагічных слоўніках розных тыпаў). Паколькі вылучаныя тыпы і віды тэрмінатворчай дзейнасці пэўным чынам перакрыжоўваюцца адзін з адным, то ў мэтах нагляднасці паспрабуем прадставіць іх у выглядзе наступнай табліцы, дзе лічбамі пазначаны розныя этапы тэрміналагічнай і тэрмінаграфічнай работы:
| Працэс\Сфера | функцыяніравання | фіксацыі |
| Натуральнае складванне тэрміналагічнай лексікі | 1 | 2 |
| Упарадкаванне тэрміналогіі | 4 | 3 |
Як можна бачыць з гэтай табліцы, першы этап тэрмінатворчай дзейнасці ў кожнай галіне ведаў звязаны са сферай функцыяніравання (навуковыя тэксты) і працэсам натуральнага складвання тэрміналагічнай лексікі, у якім галоўную ролю адыгрываюць спецыялісты кожнай канкрэтнай галіны ведаў.<...>
Распачаты на першым этапе тэрмінатворчай дзейнасці ў сферы функцыяніравання працэс натуральнага складвання тэрміналагічнай лексікі на другім этапе такой дзейнасці пераходзіць у сферу фіксацыі. Інакш кажучы, на другім этапе ўзнікае неабходнасць растлумачыць створаныя тэрміны, падагульніць назапашаныя тэрміналагічныя багацці шляхам складання ўсялякіх паказальнікаў, індэксаў, невялікіх тлумачальных слоўнікаў выкарыстаных тэрмінаў у выглядзе дадаткаў да навуковых манаграфій, дысертацый, падручнікаў і іншых спецыяльных прац2. Як паказвае аналіз такіх слоўнікавых дадаткаў, і на гэтым этапе тэрмінатворчай дзейнасці галоўную ролю адыгрываюць спецыялісты адпаведных галін ведаў.<...>
Першыя два этапы тэрмінатворчай дзейнасці характарызуюцца шэрагам агульных момантаў. Так, кожнаму з гэтых этапаў уласцівы:
(Заснавальнік дэскрыптыўнага напрамку ў галіне тэрміналогіі Р. В. Вінакур наогул лічыў, што «тэрміны — гэта не асаблівыя словы, а толькі словы ў асаблівай функцыі»3.)
У адрозненне ад першых двух этапаў тэрмінатворчай дзейнасці трэцяму і чацвёртаму этапам уласцівыя зусім іншыя агульныя моманты:
Заснавальнікам нарматыўнага напрамку ў галіне тэрміналогіі лічыцца Д.С. Лотэ4.
Асаблівасць трэцяга і чацвёртага этапаў тэрмінатворчай дзейнасці можна бачыць таксама і ў тым, што поруч з працэсам упарадкавання назапашанай тэрміналогіі адна-часова працягваецца і працэс натуральнага складвання тэрміналагічнай лексікі, паколькі развіццё навукі (у тым ліку ўзнікненне новых навуковых паняццяў і пошук тэрміналагічных сродкаў для іх абазначэння) не спыняецца. Разам з лінгвістамі-тэрмінолагамі пэўны ўдзел на трэцім і чацвёртым этапах тэрмінатворчай дзейнасці прымаюць і спецыялісты нефілалагічнага профілю, а пераважны нарматыўны падыход да апісання тэрміналагічнай лексікі ў пэўнай ступені дапаўняецца і дэскрыптыўным (апісальным) падыходам. Хаця ўласцівыя першаму і другому этапам характэрныя моманты на трэцім і чацвёртым этапах тэрмінатворчай дзейнасці ўжо не маюць вырашальнага значэння.
Так, трэці этап тэрмінатворчай дзейнасці перш за ўсё звязаны са сферай фіксацыі і працэсам упарадкавання тэрміналогіі. Інакш кажучы, калі ў межах той або іншай галіны ведаў назапашваецца дастаткова вялікая колькасць тэрмінаў, то раптам высвятляецца, што
У выніку гэтага ўзнікае відавочная неабходнасць лінгвістычнага упарадкавання створанай натуральным шляхам тэрміналогіі. Адбываецца гэтае ўпарадкаванне, як правіла, шляхам суцэльнай распіскі навуковых тэкстаў, складання адпаведных тэрміналагічных картатэк і стварэння на іх аснове галіновых тэрміналагічных слоўнікаў нарматыўнага характару. Галоўнымі суб'ектамі такога упарадкавання тэрміналагічнай лексікі звычайна з'яўляюцца лінгвісты-тэрмінолагі.<...>
Між тым у сучаснай тэрміналагічнай практыцы назіраецца відавочнае і не зусім абгрунтаванае імкненне асобных спецыялістаў надаць літаратурны статус таму або іншаму толькі што створанаму беларускаму тэрміну шляхам уключэння яго адразу ў нарматыўны даведнік (сфера фіксацыі), без папярэдняй апрабацыі ў навуковых тэкстах (сфера функцыяніравання). Адмоўны эфект ад такога «пераскоквання» праз цэлыя этапы тэрмінатворчай дзейнасці нярэдка ўзмацняецца тым, што само стварэнне новага тэрміна адбываецца з адхіленнямі ад працэсу натуральнага складвання тэрміналагічнай лексікі. 3 аднаго боку, адраджаецца заганная практыка тэрміналагічнага пурызму 20-х гадоў, сутнасць якой заключаецца ў замене шырокавядомых беларускіх тэрмінаў інтэрнацыянальнага паходжання на нікому не вядомыя тэрміналагічныя неалагізмы, штучна створаныя з дапамогай уласнабеларускіх словаўтваральных сродкаў5. 3 другога боку, пры стварэнні беларускіх тэрмінаў, якіх зараз нестае для абазначэння найноўшых навуковых паняццяў, нярэдка «празмерна выкарыстоўваецца спосаб марфалагічнага калькавання ці рускім тэрмінам надаецца ў адпаведнасці з асаблівасцямі беларускай мовы пэўны фонамарфалагічны воблік, у той час як існуючыя нацыянальныя адпаведнікі застаюцца па-за ўвагай»6.
Прычым і ў першым, і ў другім выпадку стваральнікі і кадыфікатары новых тэрмінаў, як правіла, не маюць у наяўнасці неабходнай колькасці «апраўдальных» літаратурных цытат з аўтарытэтных навуковых крыніц, якія б пацвярджалі значную пашыранасць такіх тэрмінаў сярод спецыялістаў адпаведнай галіны ведаў. Таму рашэнне аб уключэнні падобных штучных тэрміналагічных наватвораў і відавочных марфалагічных і словаўтваральных калек з рускіх тэрмінаў у рэестр разнастайных тэрміналагічных слоўнікаў нарматыўнага характару звычайна прымаецца імі на чыста суб'ектыўнай, валюнтарысцкай аснове.
У заключэнне варта адзначыць, што ў апошнія дзесяцігоддзі XX ст., насычаныя важкімі палітычнымі падзеямі, шматлікімі навуковымі адкрыццямі і да т. п., працягласць таго або іншага этапа тэрмінатворчай дзейнасці можа скарачацца ў параўнанні з ранейшымі часамі. Аднак цалкам абмінуць ці «пераскочыць» які-небудзь этап такой дзейнасці можна толькі ў тым выпадку, калі стваральнікі новых тэрмінаў не клапоцяцца аб іх трывалым замацаванні ў практыцы сучаснага тэрмінаўжывання. Інакш кажучы, кожны новы тэрмін павінен прайсці ўсе без выключэння этапы ў сваім развіцці:
Тэрміналагічны зборнік 89 — 90. Мн , 1992 С. 4—8.
Гэты слоўнік з'яўляецца спробай дапамагчы беларусам натуральным чынам стварыць сваю кампутарную тэрміналогію і ўнармаваць яе. Наяўнасць ў слоўніку мноства варыянтаў для некаторых слоў мае на мэце даць усім словам шанец удзельнічаць у «канкурэнтнай барацьбе», няхай застанецца ва ўжыванні самае годнае і трапнае слова.
Бальшыня артыкулаў для гэтага слоўніка ўзятая з трох крыніц:
Пану Palitekanomу за шматлікія лінгвістычныя кансультацыі і вычытванне слоўніка.
Сп. Mozilla тУт за крынічнік яго слоўніка.
KuzMichу за тое, што не стамляўся выслухоўваць мае трызненні пра гэты сайт.
Артыкулаў у слоўніку: 1994